ХІ́МІЯ ДРАЎНІ́НЫ І ЦЭЛЮЛО́ЗЫ,
навука аб саставе, будове і хім. уласцівасцях драўніны і яе кампанентаў; тэарэт. аснова вытв-сцей хім. і хім.-мех. перапрацоўкі драўніны. Разглядае асн. састаўныя ч. драўніны (цэлюлозу, геміцэлюлозу, лігнін; складаюць да 95% сухой масы) і другарадныя (экстракцыйныя рэчывы — таніны, тэрпеноіды, караціноіды, пігменты, вітаміны, ліпіды, бялкі, вугляводы; 5—10%). Хім. метадамі атрымліваюць з драўніннай сыравіны больш за 20 тыс. прадуктаў і вырабаў.
На Беларусі даследаванні па пытаннях Х.д. і ц. вядуцца ў ін-тах Нац. АН, Бел. тэхнал. ун-це, БСГА. Створаны гарачаўстойлівыя і сарбцыйныя валокны, новыя мед. прэпараты з цэлюлозы (І.М.Ярмоленка, Ф.М.Капуцкі); вывучана трываласць валокнаў і плёнак з цэлюлозы (Д.У.Жаркоўскі). Распрацаваны метад дэлігніфікацыі драўніны і спосабы утылізацыі лігніну (А.І.Скрыган, А.І.Валожын, У.М.Рэзнікаў), мадыфікацыі драўніны сінт. палімерамі і ператварэння яе поліцукровых кампанентаў (В.Я.Віхроў, Я.П.Марозаў). Гл. таксама Лесахімія.
Літ.:
Никитин Н.И. Химия древесины и целлюлозы. М.; Л., 1962;
Химия древесины: Пер. с фин. М., 1982;
Фенгел Д., Вегенер Г. Древесина: Химия Ультраструктура. Реакции: Пер. с англ. М., 1988;
Капуцкий Ф.Н., Юркштович Т.Л. Лекарственные препараты на основе производных целлюлозы. Мн., 1989.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 17, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)